20 верасня у дзіцячую бібліятэку імя Алены Лось, завітаў вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік. Ён прыехаў з падарункамі – сваімі кнігамі і цікавымі гісторыямі. Вучні 3-х класаў гімназіі і іх класныя кіраўнікі сустракалі пісьменніка ва ўтульнай зале. Каб прыцягнуць увагу школьнікаў да багатай творчай спадчыны таленавітага пісьменніка, знаўцы роднай прыроды і гісторыі, бібліятэкары арганізавалі цудоўную выставу кніг У. Ягоўдзіка.
Творчасць У. І. Ягоўдзіка вельмі разнастайная – гэта казкі і апавяданні, аповесці і мініяцюры аб нашай прыродзе і гістарычнай спадчыне, напісаныя для дзяцей. У творах пра гістарычнае мінулае Беларусі аўтар знаёміць нас са славутымі продкамі, запрашае зазірнуць у даўніну, каб даведацца як ствараліся гербы гарадоў Беларусі. Менавіта пра гэта праглядзелі вучні гімназіі мультымедыйны фільм, створаны па творам Ул. Ягоўдзіка. Пісьменнік з задавальненнем прэзентаваў гэты фільм бібліятэцы гімназіі і яе карыстальнікам.
Уладзімір Іванавіч Ягоўдзік цікава піша не толькі пра гістарычнае мінулае нашай краіны, але і своеасабліва, з вялікай любоўю апісвае яе раслінны і жывёльны свет, якім захапляецца бязмежна.
У. І. Ягоўдзік – сапраўдны беларус, улюблёны ў сваю краіну, яе людзей, яе дзетак, таму яго творы пішуцца ім на даступнай, каларытнай роднай мове, іх з задавальненнем чытаюць і дзеці, і дарослыя. Усім чытачам зразумелы склад яго твораў. Адна з асаблівасцей яго кніг – гэта цудоўныя фотаздымкі і ілюстрацыі.
Сустрэча з пісьменнікам У. Ягоўдзікам была карыснай і цікавай. Вучні даведаліся шмат новага. У час сустрэчы Уладзімір Іванавіч устроіў вершаваны конкурс сярод вучняў на тэму прыроды. Самыя “выразныя” чытачы атрымалі ў падарунак кнігу з аўтографам У. Ягоўдзіка.
Назіраючы ў час мерапрыемства за эмоцыямі вучняў гімназіі, можна смела сцвярджаць, што яны будуць чакаць ад Уладзіміра Іванавіча новых кніг, якія таксама выклікаюць цікавасць і будуць запатрабаваныя.
Куцюк Н.М. (бібліятэкар РДБ імя А. Лось)