У шосты школьны дзень вучні 7-х класаў наведалі дзіцячую бібліятэку ім. А. Лось. Любіць сваю Радзіму, памятаць пра яе гераічнае мінулае і рабіць усё для яе светлай будучыні – вось да чаго трэба імкнуцца. Без мінулага няма і будучага. І пакуль будзе жывая людская памяць – войны не павінны паўтарыцца. У ходзе мерапрыемства дзеці даведаліся аб гісторыі ўзнікнення вёскі Хатынь і той жудаснай трагедыі, якая спасцігла жыхароў вёскі. Быў прадэманстраваны 10-хвілінны ўрывак з мастацкага фільма «Ідзі і глядзі», зняты ў жанры ваеннай драмы. Э. Клімавым па сцэнарыі беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча.
Пасля прагляду якога, дзеці змаглі выказаць свае думкі і меркаванні.
Пад гукі метранома вучні замерлі ў хвіліне маўчання, і здавалася, што кожны прадставіў, гэтую маленькую вёсачку з яе невялікімі хаткамі, студнямі. Прадставілі ні ў чым не вінаватых людзей, якім фашысты ўжо вынеслі смяротны прысуд і таго маленькага хлопчыка, якога бацька выносіць з згарэўшага хлява…
І кожны вучань, думаю, задумаўся над такімі словамі: «Няхай ніколі больш такое не паўторыцца!». Бо Хатынь – трагічны сімвал, які ўвасобіў у сабе боль і смутак аб дзясятках спаленых беларускіх вёсак.
Мерапрыемства скончылася, але хочацца верыць, што нашы дзеці назаўжды запомняць званы Хатыні. Сумныя, трывожныя, якія звоняць над Беларуссю і заклікаюць да міру, дабра і справядлівасці.