Не пагарджаць святым сваім мінулым,
А заслужыць яшчэ і вартым быць яго.
Выхаванне шчырых патрыётаў сваёй Радзімы, якія будуць любіць свой народ і сваю культуру, а значыць, краіну і дзяржаву. А як можна любіць, тое, што не ведаеш?! Вось дзеля гэтага і задумана экспазіцыя этнаграфічнага кутка.
Дзейнасць этнаграфічнага кутрка ажыцяўляецца па наступных накірунках:
- Экспазіцыйная работа.
- Пошукова-даследчая работа.
- Экскурсійна-масавая работа.
Фальклорна-этнаграфічны куток “Беларуская хатка” быў створаны ў 2008 годзе. Аснова яго – экспазіцыя, складзеная з прадметаў сялянскага побыту. “Беларуская хатка” змяшчае наступныя раздзелы экспазіцыі: “Быт селяніна”, “Рамёствы”.
- “Быт селяніна” – гэта значыць гаспадарчы куток. Тут можна палюбавацца прыгожымі ручнікамі, сурвэткамі, патрымаць у руках верацяно, вілкі, чапялу, стрыгач ці серп, зачарпнуць апалонікам у чыгуне, прасеяць муку праз рэшата і замясіць цеста ў дзежцы, даведацца аб прызначэнні ступы, маслабойкі.
- “Рамёствы”:
- “Ганчарства” прадстаўлена наборам разнастайнага па форме і прызначэнні посуду;
- “Бандарства”– гаспадарчыя драўляныя ёмістасці;
- “Пляценнне” ўтрымлівае рэчы, зробленыя з саломы, лазы, лыку, лёну (кашы, лапці, рэзгіні і г.д.);
- “Ткацтва” ўтрымлівае саматканыя рэчы: ручнікі і посцілкі, вядзецца ўстаноўка станка для ткацтва (кроснаў);
- “Вышыўка” – змяшчаюцца вышыўкі рознай тэхнікі вышывання, сурвэткі. Тут можна паспрабаваць пакачаць ільняны ручнік, агледзець сялянскі гардэроб.
На базе хаткі праводзіцца азнаямленне з духоўнай спадчынай Роднай зямлі, вывучэнне абрадаў і свят беларусаў, пашыраюцца веды па беларускай этнаграфіі. Вучні знаёмяцца са звычаямі продкаў, з дэкаратыўным аздабленнем беларускай хаты, традыцыйным інтэр’ерам сялянскага будынка.
З вучняў створана група экскурсаводаў. Пад кіраўніцтвам загадчыка музея дзеці-экскурсаводы вывучаюць экспанаты музея, адшукваюць інфармацыю аб іх, пішуць тэксты экскурсій, праводзяць экскурсіі для вучняў школы. Яны таксама папаўняюць музей экспанатамі.
Старшакласнікі выступаюць з лекцыямі перад вучнямі ўсіх класаў гімназіі: “Запрашаем у нашу хату”, “Гуканне вясны”, “Вясновыя святы беларусаў”, “Ткацтва”, “Сямейны побыт беларусаў”, “Якая яда, такая хада”.
У хатку прыводзяць на ўрокі сваіх вучняў настаўнікі пачатковай школы, беларускай мовы і літаратуры, гісторыі, працоўнага навучання. Заняткі ў хатцы праводзяць як самі настаўнікі, так і кіраўнік музея Кніга Г.П., якая развучвае беларускія народныя абрады (“Каляды”, “Купалле”, “Гуканне вясны”, “Багач” і інш.), песні (“Ой рана на Йвана”, “Добры вечар, пане гаспадару”, “Ой, цвіце церан”, “Як служыў жа я ў пана” і інш.), гульні (“Яшчар”, “У арэх” і інш.)
Кожны год у музеі праводзяцца тэматычныя выставы: “Народныя промыслы беларусаў”, “Беларускі ручнік”, “Беларуская хатка – хатка майстоў”.
На базе хаткі праходзяць заняткі клуба “Купалінка”, класныя і гімназічныя мерапрыемствы на “Тыдні беларускай мовы і літаратуры”, у Дзень роднай мовы.На базе этнаграфічнага кутка “Беларуская хата” былі арганізаваны і праведзена гімназічныя мерапрыемствы: “Калядкі”, “Мову матчыну шануйце”, “Слова жывое, роднае, гаваркое”, “Народныя традыцыі”, “Беларуская хатка – хатка майстоў”, “Матулін ручнік”, віктарыны “Ці ведаеце вы свой край”, “Каляды” і інш.
Экспазіцыя папаўняецца, дзякуючы намаганням настаўнікаў і зацікаўленых вучняў, бо кожнаму прыемна ўбачыць на выставе рэчы, падараваныя яго сваякамі, знаёмымі, суседзямі, сябрамі, а таксама паглядзець, чым карысталіся ў паўсядзённым жыцці нашы продкі.
Адраджэнне нацыянальных традыцый, народнай спадчыны становіцца прадметам пільнай увагі ў сістэме работы нашай гімназіі. Народная культура — найважнейшая частка гістарычнай спадчыны, якая спрыяе фарміраванню нацыянальнай свядомасці будучых пакаленняў.